група з 4 астравоў на мяжы Ціхага ак. і Берынгава м., за 200 км на У ад п-ва Камчатка, у Камчацкай вобл. Расіі. Уключаюць астравы: Берынга (даўж. 85 км, шыр. каля 40 км), Медны (даўж. 56 км, шыр. 5—7 км), 2 маленькія астравы — Тапаркоў і скалу Арый Камень. Агульная пл. 1,8 тыс.км². Выш. да 751 м. Складзены з базальтаў і андэзітаў. Характэрны гарысты рэльеф, частыя землетрасенні. Берагі скалістыя, слаба парэзаныя. Клімат акіянічны. Лета халаднаватае. Сярэдняя т-ра паветра ў жн. 10 °C, у лют. каля -4 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Пераважаюць акіянічныя лугі і горная тундра; у асобных далінах — зараснікі ракітніку, рабіны, бярозы. Лежбішчы марскога коціка, сівуча. На берагах птушыныя базары. Марскі промысел, ахова і нарміраваная здабыча коціка, зверагадоўля (блакітны пясец) Населены пункт Нікольскае (в. Берынга). Адкрыты ў 1741 экспедыцыяй капітан-камандора В.Берынга.